Рашэтнікава Н. Б. (Мінск) РАЗВІЦЦЁ ЖАНРАЎ ПРОЗЫ Ў ЧЭШСКАЙ І БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРАХ ХІХ СТАГОДДЗЯ У гісторыі літаратуры двух славянскіх народаў, чэшскага і беларускага, ХІХ стагоддзе гэта час станаўлення і развіцця. Як засведчыў вядомы чэшскі літаратуразнавец Алеш Гаман, чэшскае прыгожае пісьменства ў вызначаны перыяд пазбавілася правінцыялізму і стала ўдзельнічаць у еўрапейскім літаратурным працэсе як паўнавартасны партнѐр [1, с. 347]. Неабходна адзначыць, што прыкладна такую ж думку выказаў у прадмове да паэтычнага зборніка «Дудка беларуская» выдатны беларускі паэт Францішак Багушэвіч: «Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя маюць па-свойску пісаныя і друкаваныя ксѐнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слѐзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваѐй вѐсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б» [2, с. 16]. За адносна невялікі прамежак часу чэшскія пісьменнікі стварылі мастацкія шэдэўры, што ўвайшлі ў «залаты фонд» нацыянальнай і сусветнай літаратуры, а самі мастакі слова сталі для сваіх суайчыннікаў больш, чым пісьменнікі, яны выразнікі думак і спадзяванняў народа. Невыпадкова «залатое» стагоддзе ў гісторыі чэшскай літаратуры супадае з перыядам нацыянальнага адраджэння. Своеасаблівасцю чэшскай літаратуры ХІХ стагоддзя з яўляецца той факт, што мастакі слова з поспехам тварылі ў розных жанрах. Так, Ёзэф Кастан Тыл паэт, празаік, драматург, «бацька чэшскага тэатра», публіцыст, Ян Нэруда паэт, празаік, тэарэтык літаратуры, публіцыст і г. д. Магчыма таму чэшская проза ўжо ў 30-40-я гады ХІХ стагоддзя была прадстаўлена рознымі жанрамі, пачынаючы ад казкі і падання і завяршаючы раманам. У галіне прозы актыўна працавалі выдатныя пісьменнікі, гонар чэшскага прыгожага пісьменства. Дастаткова пералічыць прозвішчы: Ёзэф Кастан Тыл, Карэл Гінэк Маха, Карэл Ярамір Эрбэн, Бажэна Немцава, Ян Нэруда, Віцеземеў Галек, Святаплук Чэх, Алоіс Іржэк і іншыя. Пры ўсѐй жанравай і тэматычнай разнастайнасці чэшскай прозы ХІХ стагоддзя нескладана вызначыць вядучую ідэю, што «чырвонай ніццю» праходзіць праз усе асноўныя творы гэта думка пра нацыянальнае адзінства народа, этнічнае, моўнае, гістарычнае, духоўнае. У чэшскім прыгожым пісьменстве можна вызначыць і цэнтральныя творы, якія заклалі нацыянальную традыцыю ў прозе. Гэта казкі-прыпавесці Карала Яраміра Эрбэна, «Бабуля» Бажэны Немцавай, падарожныя нататкі Карэла Гаўлічка Бароўскага «Карціны Расіі», «Маластранскія апавяданні» Яна Нэруды, трыпціх Юліуса Зэйера «Тры легенды пра ўкрыжаванне», раманета Якуба Арбэса, «Даўнія чэшскія легенды і паданні» Алоіса Іржэка.
Карэл Ярамір Эрбэн навуковец, фалькларыст, паэт і празаік. Своеасаблівасць творчасці выдатнага творцы ў звароце да фальклору як да крыніцы народнай мудрасці. Эрбэн збіраў і апрацоўваў народныя песні і казкі, ствараў балады і казкі, якія сѐння ўспрымаюцца чэхамі як народныя. Неабходна падкрэсліць, што казкі Карэла Яраміра Эрбэна напісаны і для дзяцей і для дарослых. Гэта прыпавесці з глыбокім філасофскім сэнсам. Так, у казцы «Тры залатыя валаскі дзеда Усѐведа» галоўны герой адгадвае загадкі, кожная з якіх раскрывае зло, што жыыве ў душы чалавека. Адну з такіх загадак загадвае кароль, у якога на яблыні зніклі маладзільныя яблыкі. «Калі іх з ядаў той, хто ўжо клаўся ў труну, то станавіўся маладым і выглядаў, нібы юнак. Але ўжо дваццаць гадоў на яблыні няма аніводнага яблыка» [3, с. 79]. Адказ дзеда Усѐведа наступны: «Пад яблыняй ляжыць змяя, якая адбірае ў яе сілы. Калі змяю заб юць і яблыню перасадзяць, то будуць на ѐй плады, як і раней» [3, с. 80]. Змяя ўвасабляе ў творы, як і ў чэшскай міфалогіі, пачуццѐ зайздрасці, якое знішчае чалавечае ў чалавеку, нараджае варожасць паміж людзьмі. Аповесць Бажэны Немцавай «Бабуля» гэта нацыянальны эпас чэшскага народа, дзе ўвасобіліся думкі і спадзяванні чэшскага народа, які ўсю сваю гісторыю змагаўся супраць іншаземнага рабства. У творы гучаць словы бабулі, звернутыя да ўнукаў, як запавет: «Любіце чэшскую зямлю, як сваю родную маці, больш за ўсѐ на свеце, працуйце не пакладаючы рук, і прароцтвы, якіх вы так баіцеся, не спраўдзяцца» [3, с. 98]. Кніга Бажэны Немцавай нагадвае чэхам пра варожыя арміі, што разбуралі сцены замкаў, забівалі людзей і атручвалі ўсѐ жывое на сваім шляху, але народ знайшоў у сабе сілы ўзняцца на барацьбу і перамагчы. Нагадваючы чэшскаму народу пра цяжкае мінулае, пра праблемы дня сѐнняшняга, Бажэна Немцава засцерагала моладзь ад недаацэнкі нацыянальных традыцый, таму што гэта вядзе да разбурэння падмурка культуры народа. Сапраўдным мастацкім шэдэўрам з ўляецца трыпціх Юліуса Зэйера «Тры легенды пра ўкрыжаванне». Філасофскі глыбінны сэнс легенд не адразу асэнсоўваецца чытачом, бо аўтар шырока карыстаецца хрысціянскай сімволікай, іншасказаннем, звяртаецца да біблейскіх матываў. Пражская легенда «Інултус» апавядае пра самаахвярнасць і здрадніцтва, пра жорсткасць і міласэрнасць. Галоўны герой твора па-рознаму ўспрымаецца людзьмі. Таму аўтар называе яго Інултусам, гэта значыць падобным да Бога, а іншыя героі Інултам, што значыць «ніхто». Такім чынам, імя героя сюжэтаўтваральнае, у ім заключана асноўная ідэя твора. Сімвалічна ў фінале гучаць словы беднага святара, які адказвае на пытанне італьянскага кардынала, чаму за труною жабрака ідзе столькі народа: Не ведаю, але гэта быў чалавек, вызначаны Богам! Вы што не бачыце, што за труною крочыць цар Давід з арфаю ў руцэ, а за ім сам Збаўца з каронаю з цѐрну на галаве? І ѐн нізка да зямлі нахіліўся [3, с. 137]. Аднак аўтар лічыць, што чытач павінен глыбей асэнсаваць подзвіг Інултуса, таму ўдакладняе: «Што маглі бачыць гэтыя ганарыстыя, ап янелыя ад фанабэрыі, пустой славай гэтага свету асляплѐныя? Не, не для іх, а для
няшчасных і пагарджаных, для няшчасных і прыгнечаных, для бедных і простых прыйшоў Хрыстос і заснаваў сваѐ царства, якое не мае нічога агульнага з тымі, у чыіх руках сіла і ўлада гэтага свету. Пра тых, хто з яўляецца першымі сярод людзей, Бог не ведае, але заўсѐды, калі яны плацяць за апошніх, то з яўляецца Збаўца для таго, каб даць доўгачаканае выратаванне для змардаваных, паказаўшы ім свой славуты ясны твар» [3, с. 137]. Жанр раманета ў чэшскай літаратуры распачаў Ян Нэруда, але найбольш поўнае адлюстраванне ѐн набыў у творчасці Якуба Арбэса. Раманета твор сярэдняй эпічнай формы, да ста старонак, у якім сюжэт разгортваецца вакол таямнічай падзеі і вызначаецца напружанасцю [4, с. 53]. Якуб Арбэс захапляўся кнігамі амерыканскага пісьменніка Э. А. По, адсюль элементы містыкі і жудасныя сцэны ў яго творах. Так, у раманета «Шэравокі дэман» аповед засяроджваецца на таямнічым знікненні з могілак трупа памерлага дзіцяці, замест якога знаходзяць ляльку. У далейшым тайна паступова раскрываецца, а разам з ѐю шэраг загадкавых забойстваў. Кніга «Даўнія чэшскія легенды і паданні» прынесла Алоісу Іржэку, вядомаму аўтару раманных цыклаў і гістарычных хронік, заслужаную папулярнасць у чытача і сапраўдную славу. У цыкле «легенды» з яўляецца легенда пра прароцтвы Сібілы. Прароцтвы Сібілы прыгадваюцца і ў аповесці Бажэны Немцавай «Бабуля», прычым гэта адзін з ідэйных цэнтраў твора, таму лічым неабходным на ім спыніцца. Барунка, старэйшая з унукаў бабулі, апавядае: «Сібіла прадказала, што на чэшскую зямлю прыйдзе шмат гора, што магчымы вайна, голад, мор, а самае горшае пачнецца, калі бацька сына, сын бацьку, брат брата разумець не будуць. Вось тады адбудзецца страшнае, таму што чэшская зямля будзе разнесена на конскіх капытах» [3, с. 97]. Легенда Алоіса Іржэка дапаўняе тое, што ѐсць у кнізе Бажэны Немцавай, і выказаная думка пацвярджаецца гістарычнымі рэаліямі, напрыклад, апісанне Бланіцкага бою, пасля якога «кожны вернецца дадому і будзе паміж людзьмі згода, любоў, усе будуць нібы адно сэрца: паны і звычайныя людзі» [3, с. 117]. Вышэйназваныя творы прыведзены з мэтай паказаць, як па-рознаму ў розных празаічных жанрах чэшскія пісьменнікі ўздымалі сцяг нацыянальнага адраджэння, бачачы ў творах прыгожага пісьменства моцны сродак уздзеяння на народ. Менавіта тое ж самае можна сказаць і пра выдатных мастакоў слова, якія ў ХІХ стагоддзі закладвалі падмурак нацыянальных традыцый у развіцці беларускай прозы. Празаічныя жанры ў беларускай літаратуры не з ўляюцца вызначальнымі, нягледзячы на тое, што ў першай палове ХІХ стагоддзя ўжо былі зроблены першапачатковыя крокі «ў асваенні апавядання, заснаванага на бытавым аспекце («Кручаная баба» А. Плуга), з явіліся першыя спробы гістарычнага нарыса ў беларускай літаратуры (прадмова Р. Падбярэзскага да зборніка Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура, асабліва напярэдадні і ў час паўстання 1863-1864 гг.» [5, с. 68-69].
У далейшым жанравая палітра засталася прыкладна на гэтым жа ўзроўні, але з поўным правам можна казаць пра тэматычную разнастайнасць апавядання. Так, сапраўднай падзеяй у беларускай літаратуры можна лічыць з яўленне кнігі Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» у 4-х тамах на польскай мове. Фальклорны матэрыял, сабраны, апрацаваны і пераасэнсаваны аўтарам кнігі, дае магчымасць лепш зразумець думкі, уяўленні, маральныя перакананні народа, яго светапогляд. Гэтую кнігу можна супаставіць з поўным правам з «Даўнімі чэшскімі легендамі і паданнямі» Алоіса Іржэка. Вялікая па аб ѐме кніга Яна Баршчэўскага, на жаль, яшчэ не перакладзена цалкам на беларускую мову, але тое, што перакладзена і выйшла з друку, дае ўяўленне пра значныя мастацкія каштоўнасці твора. Кампазіцыйна «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» яднаецца вобразам шляхціца, да якога збіраюцца падарожныя са сваімі аповедамі. Завальня выстаўляў у акне свайго дома свечку ці запальваў ліхтар, і людзі ішлі на святло, а пазней у гасцінным доме яны распавядалі пра родны край, пра загадкавых міфічных герояў, злых духаў, якія пільнуюць кволую душу, не загартаваную маральнымі дабрачыннасцямі. «Свет, у якім жывуць героі Я. Баршчэўскага, выразна размежаваны паводле маральных антыподаў дабра і зла. Усѐ добрае ў чалавеку, паводле герояў твора, выхоўваецца хрысціянскай верай, спрадвечнымі народнымі традыцыямі. Фантастычныя гісторыі, што гучаць у доме шляхціца Завальні, нясуць маральную засцярогу і павучанне: усѐ чалавечае павінна сцвярджаць сябе чалавечымі сродкамі. Хцівасць і бессардэчнасць паўстаюць як праявы зла, якое павінна быць пакарана» [6, с. 291]. У апавяданні «Вужыная карона» якраз і раскрываецца думка, што добрае ў чалавеку выхоўваецца хрысціянскай верай. Галоўны герой твора лоўчы Сямѐн пастаўлены лѐсам перад выбарам: ці жыць бедна, але сумленна і па-хрысціянску, ці аддаць сваю душу нячысціку. Нагадаем, што гэта праблема глыбока распрацавана ў сусветнай літаратуры, дастаткова прыгадаць «Фаўст» Ё. В. Гѐтэ. Фантастычны свет, у якім апынуўся лоўчы пасля таго, як пагадзіўся ўзяць у вужа карону, здзіўляе сваѐй кантрастнасцю. То перад Сямѐнам пачвары, то палац, што свеціцца золатам і срэбрам. Усѐ, што атрымана ад нячыстай сілы, не прыносіць герою задавальнення, бо яно несапраўднае. Разуменне гэтага прыходзіць пасля таго, як Сямѐн пацалаваў крыжык, які яму працягнула Марыся. «Убачыў цецерука, стрэліў, але замест птушкі пень гнілы ўпаў на зямлю. Спалохаўся Сямѐн, вяртаецца дахаты, аж там безліч вужоў, сыкаючы паўзуць пад лаву і пад печ. Адчыніў скрыню, выняў Вужыную Карону, а яна ўжо не залатая: два пажоўклыя бярозавыя лісточкі. Стаіць, як слуп, і не ведае, што чыніць» [7, с. 69-70]. Уласна фантастычны змест апавяданняў, што ўвайшлі ў кнігу Яна Баршчэўскага, гэта праява рамантычнай традыцыі, што ўжо была створана ў еўрапейскіх літаратурах, прыгадаем творы Э. Т. А. Гофмана.
Францішак Багушэвіч, выдатны беларускі паэт, празаік і публіцыст, заклаў асновы для развіцця рэалістычных традыцый у нацыянальнай прозе. Яго празаічныя творы вызначаюцца жанравай разнастайнасцю: казканебыліца, жарт, анекдот. У 1892 годзе Ф. Багушэвіч выдаў у Кракаве асобным выданнем апавяданне «Тралялѐначка». Гісторыя селяніна Бартака, што разбагацеў, выкарыстоўваючы працу іншых сялян, расказаная аднавяскоўцамі, вызначаецца дакладнасцю і нават фактаграфіяй. Такім чынам ствараецца рэалістычная карціна цяжкага паднявольнага становішча сялянства. «Эй, нядобры быў чалавек: як пазыча суседу рубель, то яму трэба дзень араць, дзень касіць, дзень жаць, кожны дзень па грошу працэнты аддаць, а рубель рублѐм. Пазыча табе бульбы на насенне то ўжо сей напалавіну і насенне насеннем аддай і ўсѐ гэтак» [2, с. 114]. Так паступова закладваўся падмурак для развіцця беларускай прозы ў ХХ стагоддзі. Беларускія пісьменнікі ў ХІХ стагоддзі назапашвалі еўрапейскі літаратурны вопыт і, аддаўшы даніну рамантычнай традыцыі, паступова распрацоўвалі традыцыі рэалізму. Літаратура 1. Haman Aleš. Twaní v proměně. Česká literature devatenactego stoleti. 2. Багушэвіч Ф. Творы: вершы, паэма, апавяданні, артыкулы, лісты / Уклад. Я. Янушкевіч. Мінск, 1991. 3. «Гэта цудоўны край зямля чэхаў». Выбраныя творы з чэшскай літаратуры ХІХ стагоддзя: вучэб. дапам. / Склад., пер. з чэшскай мовы і аўт. камент. Н. Б. Рашэтнікава. Мінск, 2009. 4. Prokop Vladimir. Literatura 19. a počatku 20. stoleti. Praha, 2000. 5. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ-ХІХ стагоддзяў: у 2 т. Том 2. Мінск, 2007. 6. Беларуская літаратура. Эксперыментальна-вучэбны дапаможнік для 11 класа. Мінск, 2004. 7. Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях / Уклад., пер. з польскай мовы і каментар М. Хаустовіча. Мінск, 1990.